Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

26.02.2024

О нас говорят! На страницах "Настаўніцкай газеты"

«Заўсёды марыў працаваць у садзіку»: малады выхавальнік дзіцячага сада — пра сябе і свой прафесійны выбар.

№15 от 23.02.2024г.

Выхавальнік Раснянскага дзіцячага сада Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Раман Алексяюк успамінае, што некаторыя бацькі спачатку здзівіліся мужчыну-­выхавальніку, а потым звыкліся і зараз іншага для сваіх дзетак і не ўяўляюць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На сваім месцы

Пагадзіцеся: мужчына-выхавальнік — з’ява ў нашых дашкольных установах даволі рэдкая. Як адчувае сябе дарослы дзядзька, які кожны дзень праводзіць у свеце цацак і заўзятага дзіцячага смеху?

— Марыў аб гэтым з дзяцінства, — гаворыць Раман Анатольевіч. — Паўплываў на мяне такі выпадак: аднойчы мы з бацькамі паехалі ў санаторый, я быў яшчэ малы і з цікавасцю назіраў за работай выхавальнікаў. Як яны гуляюць з дзецьмі, клапоцяцца аб іх. Ужо тады зразумеў, што ў свеце дзяцінства хачу затрымацца як мага больш, што няма прафесіі лепшай за гэтую. Да таго ж я сам з мнагадзетнай сям’і — у мяне два браты і сястра, я самы малодшы. Нарадзіўся і вырас тут недалёка, у вёсцы Каралін Камянецкага раёна.

Мара маленькага Рамана здзейснілася: зараз ён выхавальнік. Скончыў Пінскі каледж Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і адразу пайшоў працаваць у Раснянскі сад. Зараз атрымлівае ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце вышэйшую педагагічную адукацыю.

— Увечары бацькі забіраюць дзяцей і цікавяцца, хто што сёння еў, як сябе паводзіў. Пра ўсіх магу расказаць падрабязнасці, кожнага добра ведаю, — расказ­вае суразмоўнік. — Напэўна, у яслях мне было б цяжкавата. У маёй групе 17 дзяцей, яна зборная — малодшая і сярэдняя. Ужо не зусім малыя, якраз той самы ўзрост, калі актыўна пачынаюць адкрываць для сябе свет, а я ім у гэтай выдатнай справе дапамагаю. Вядома, тое, што малявалася ў марах, аказалася не такім лёгкім. Дзеці ж не лялькі, у кожнага свой характар. Трэба да ўсіх знайсці падыход. Самым цяжкім было прызвычаіцца да пастаяннага шуму.

Ад світанку да захаду

Малады выхавальнік у садзе — ад цямна да цямна. Асабіста сустракае дзяцей у пачатку дня, а ўвечары перадае іх бацькам.

— Раніцай, да прыходу малышоў, рыхтую матэрыял для заняткаў, які падабраў загадзя, — расказвае Раман Алексяюк. — Карыстаюся метадычкамі для выхавальнікаў дзіцячых садоў, але шмат чаго прыдумваю і сам: гульні, малюнкі, забавы. Усе дзеці прыходзяць у сад са сваім настроем, усіх трэба сабраць, супакоіць.

Пасля снедання — зарадка, якую выхавальнік праводзіць сам. Потым — заняткі.

— У маёй групе ёсць дзеткі, якім хутка ісці ў школу, — тлумачыць ён. — Таму ў тым ліку адчуваю адказнасць за іх добрую падрыхтоўку. Займаюся з выхаванцамі матэматыкай, развіццём маўлення, разглядаем тэмы “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”. Прывучаю хлопчыкаў і дзяўчынак да працы — таксама ў форме гульні.

Пры гэтым Раман Анатольевіч дзеліцца сваім назіраннем, што дзеці сёння гуля­юць у тыя ж гульні, што і некалькі дзесяцігоддзяў назад: уяўляюць сябе кухарамі, урачамі, цырульнікамі.

— Нават прапануюць мне свае паслугі, напрыклад, зрабіць модную прычоску, — усміхаецца выхавальнік.

Мужчынскі падыход

Да выхавання ў Рамана Анатольевіча ў нейкім сэнсе падыход мужчынскі.

— Калі дзеці зранку плачуць, не хочуць ісці ў групу, раю бацькам з імі не затрымлівацца, хутчэй пакінуць памяшканне, — адзначае ён. — Мой невялікі вопыт ужо даказвае, што малыя капрызнічаюць часцей менавіта ў прысутнасці мам і татаў. Толькі тыя за парог — і гэта ўжо зусім іншыя дзеці!

Таксама педагог упэўнены, што ў любой гульні павінен прысутнічаць пазнавальны элемент:

— Дзеці ахвотней цягнуцца да дзейнасці, у выніку якой яны вырашаюць якую-небудзь праблему. У маёй групе, напрыклад, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем выконваюць заданні па матэматыцы, развіцці маўлення. А каб іх цікавасць не згасла, для любой задачы лепш прыдумаць займальны сюжэт, што дазваляе спалучаць вучобу з прыгодамі.

Казкі для чытання выхавальнік выбірае самыя простыя, бо яны і ёсць самыя муд­рыя.

— У іншай прафесіі я зараз сябе не ўяўляю, — падкрэслівае малады выхавальнік. — Планую з дзіцячым садам звязаць усё жыццё. Лічу, што знайшоў сябе менавіта тут.